З гісторыі беларускага танца

З ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСКАГА НАРОДНА-СЦЭНІЧНАГА ТАНЦА

  

 

Танцавальнае мастацтва займае значнае месца ў жыцці беларусаў. Не было ні воднага здарэння, якое б не знайшло адлюстраванне ў харэаграфіі беларускага народа.

Харэаграфічная творчасць з даўніх часоў звязана з гадавымі і сямейна-бытавымі абрадамі. Месцам сустрэч і гулянняў былі вяселлі, ігрышчы, танцы ў карчме. Сінтаз відаў народнага мастацтва (высная творчасць, песні, танцы, інструментальнае мастацтва і інш.) бярэ пачатак у старадаўніх абрадах , карагодах, гульнях і шырока выкарыстоўваецца ў сучасных вакальна-харэаграфічных калектывах.

У параўнанні з гісторыяй танцавальнага фальклора, гісторыя беларускага народна-сцэнічнага танца даволі кароткая. Яго развіццю перашкаджалі цяжкія ўмовы жыцця, нацыянальнае прыгнячэнне.

Элементы народна-сцэнічнага фальклора сустракаюцца ў тэатральным мастацтве ў канцы 16 ст., у лялечным тэатры “Батлейка”. Тут былі “Лявоніха”, “Падушачка”, “Юрачка”, “Мяцеліца”. Значнае развіццё танец атрымаў у прыгонных тэатрах, дзе ў балетах дзяўчаты і хлопцы з народа ўнеслі плясавы манер, жывасць, некаторыя элементы народнага танца. Аднак у чыстым выглядзе народны танец не пранікаў на сцэну на працягу многіх стагоддзяў.

У 1907 годзе з’явіўся беларускі народны тэатр І.Т. Буйніцкага, у канцэрце якога было больш 10 народных танцаў, прычым не мадэрнізаваных, а як першапачатковы этнаграфічны матэрыял. Гэта рабілася не выпадкова. “Преступно отходить в сторону от фольклорной основы, стараясь сохранить душу народа”, – І. Буйніцкі. Дзейнасць І. Буйніцкага – гэта пачатак гісторыі беларускага народна-сцэнічнага танца.

У 1920 годзе адкрыўся Беларускі дзяржаўны тэатр. Пры ім пачала працу невялікая трупа пад кіраўніцтвам Алексютовіча Л.К.. Першы прафесійны тэатр, заснаваны на народных традыцыях, працягваў творчую дзейнасць І. Т.Буйніцкага. Л.К.Алексютовіч працягваў збіранне і папулярэзацыю народнага танца.

Наступным калектывам, які працягнуў гэту дзейнасць, была трупа Галубка. Яны вярнулі на сцэну большую колькасць забытых народных танцаў і ўзбагацілі іх тэхнічнымі элементамі, сцэнічна ўдасканалілі, стварылі новыя танцы. У іх рэпертуары прысутнічалі і народныя танцы, пастаўленыя Алексютовічам.

Сцэнічная форма танца была больш яскравая і тэатральная, ускладненая сюжэтнымі рысамі і разнастайнымі кампазіцыйнымі малюнкамі танца. Танец будаваўся па законам тэатральнага мастацтва, гэта значыць прысутнічала выразная драматычная аснова, трохчасная форма будавання: эмацыянальны ўздым да кульмінацыйнай часткі ў фінале.

У працэсе тэатралізацыі танца многае залежыла ад індывідуальнасці і густу пастаноўшчыка. Часцей за ўсё танец занава сачыняўся, зберагаючы стыль і традыцыі беларускага мастацтва.

Такім чынам, у працэсе тэатралізацыі фальклора можна вызначыць тры стадыі:

  1. танец неапрацаваны (этнаграфічны);
  2. танец апрацаваны (на этнаграфічнай аснове);
  3. танец занавасачынённы ў традыцыях беларускага фальклора.