Класіфікацыя беларускага народнага танца

КЛАСІФІКАЦЫЯ БЕЛАРУСКАГА НАРОДНАГА ТАНЦА

 

  

Карані беларускага народнага харэаграфічнага мастацтва ідуць у глыб вякоў. Яго першыя элементы нараджаліся яшчэ ў эпоху фарміравання ўсходнеславянскіх плямёнаў і палажылі аснову самабытнай танцавальнай творчасці, далейшае развіццё якой адбывалася разам з развіццём беларускай народнасці, а потым і нацыі.

Гістарычныя ўмовы існавання беларускага народа на доўгі час захавалі ў беларускім фальклоры сляды старажытнасці (абрады “Пахаванне стралы”, “Хаджэнне з казой”). Да нашага часу дайшлі старадаўнія народныя святы, абрады, гульні, як Каляды, Купалле, дажынкі, вясельныя звычаі і інш. Значнае месца ў іх займалі харэаграфічныя элементы, цесна звязаныя з песняй, драматычным ігравым дзеяннем. Паступова танцавальнае мастацтва вылучаецца з агульнага сінкрэтызму і становіцца на самастойны шлях развіцця, утвараецца ў асобны завершаны від народнай творчасці.

 

КАРАГОДЫ

Карагод з’яўляецца адным з старэйшых у Беларусі харэаграфічных жанраў, які захаваў сувязь з каляндарна-земляробчай і сямейна-бытавой абраднасцю, з традыцыямі першабытнага сінкрэтызму. У ім арганічна сплятаюцца харэаграфія, песня і ігравое дзеянне. У сувязі з тым, што пластыка карагода простая і не патрабуе спецыяльных харэаграфічных ведаў, карагоды больш за ўсе астатнія жанры цікавыя для дзіцячвх і юнацкіх фальклорных калектываў. Па структурных і стылявых асаблівасцях беларускія карагоды можна падзяліць на тры вялікія групы:

  1. Карагодныя песні.

     Гэта група карагодаў бліжэй да народнай песні. Пры наяўнасці арганічнага сплаву трох кампанентаў – тэксту, мелодыі і харэаграфічнага дзеяння, галоўнае значэнне мае мелодыя. У гэтай групе пераважаюць напевы павольнага і ўмеранага тэмпа, з шырокім меладычным дыханнем, з распяваннем складоў, прысутнічаюць складаныя памеры (5/4, 7/4, 6/4).

     Для харэаграфічнай структуры характэрныя нескладаны прасторавы малюнак (кола, прамая лінія, “змейка”, “вароты”, “калона пар”, “васьмёрка”) і простае харэаграфічнае дзеянне (просты ўрачысты крок). Тыповыя хады – просты крок з прыстаўкаў, крок з прыпаданнем, пераступанні з боку на бок і г.д.

  1. Ігравыя карагоды.

     У гэтай групе карагодаў дасягнута найбольшае адзінства трох развітых кампанентаў, дзе змест раскрываецца ўсёй сукупнасцю выяўленчых сродкаў паэзіі, музыкі і харэаграфіі. Для пабудовы ігравых карагодаў характэрныя дыялагічнае выкладанне сюжэта, апавядальны тон, больш хуткі тэмп, выразны рытм напева.

     У параўнанні з першай групай малюнак руху карагода на плоскасці больш разнастайныя. Ён узбагачаецца пабудовамі танцуючых у два супрацьлеглых рады, паўкругавымі і кругавымі кампазіцыямі з вылучэннем у цэнтр салістаў. Асабліва развіваецца танцавальная лексіка, якая папаўняецца танцам салістаў (скокі, падскокі, воплескі, прысядкі, прытопы, кружэнні, выяўленча-ілюстратыўнымі рухамі і г.д.).

  1. Карагодныя танцы.

     Для карагодаў гэтай групы характэрна значна меншая сувязь харэаграфічных танцаў з карагоднымі песнямі. Гэта танец з карагоднымі песнямі, адпаведнымі яму па рытмічным малюнку.

     Беларускія карагоды маюць разнастайныя кампазіцыі малюнкаў, рухі, тэмпы. У павольных тэмпах найбольшай дасканаласці дасягае прасторавы малюнак, дэкаратыўныя пляценні рук, ігравыя, пантамічныя дзеянні галоўных дзеючых асоб. У хуткіх карагодах прысутнічае такая танцавальная лексіка, як віртуёзныя “каленцы” салістаў, імклівыя рухі ўсіх удзельнікаў.

 

ТАНЦЫ

Танцы ад карагодаў адрозніваюцца пераходам асноўнай мастацкай функцыі да харэаграфіі, наяўнасцю інструментальнага суправаджэння, адноснай замацаванасцю і паўторам фігур.

  1. Традыцыйныя танцы.

     Асаблівасці харэаграфічнай структуры беларускіх традыцыйных танцаў дазваляюць падзяліць іх на некалькі груп:

-         ілюстратыўна-выяўленчыя танцы. У мастацкай форме гэтых танцаў паказваюцца працэсы працы (“Лянок”, “Таўкачыкі”, “Качан”, “Крыжачок”, “Бульба”, “Кола”), узнаўляюцца з’явы прыроды (“Мяцельца”), імітуюцца звычкі жывёл і птушак (“Бычок”, “Верабей”), даюцца штрыхі да партрэта чалавека (“Лявоніха”, “Мікіта”, “Юрачка”, “Чобаты”). Для іх характэрныя паўторы тыповых музычна-пластычных формул, агульны для ўсіх удзельнікаў кампазіцыйны малюнак, масавае выкананне (неабмежаваная колькасць і склад удзельнікаў), часта песеннае суправаджэнне. Значную ролю іграюць элементы драматычнага мастацтва.

-         ігравыя танцы. У гэтых танцах дамінуючую ролю выконваюць розныя моманты гульні, спаборніцтва. Тут частыя змены партнёраў, гульня з адным лішнім, лоўля танцуючымі адзін аднаго, спаборніцтва ў спрыце, хуткасці, музыкальнасці.

-         арнаментальныя. Асновай пабудовы гэтых танцаў з’яўляецца геаметрычны ўзор, арнамент.

Увогуле жанр танцаў прадстаўляе аматарам харэаграфіі вялікія магчымасці для фантазіі, таму што ў аўтэнтычным фальклоры заўсёды прысутнічае імправізацыя, якая дазваляе кожнаму праявіць сябе і стварыць новы твор, сугучныя часу.

  1. Кадрылі. Асноўныя прыкметы кадрылі:

-         размяшчэнне цотнай колькасці пар (4, 6, 8, 12) па вуглах квадрата або ў дзве лініі,

-         крыжападобныя пераходы пар і розныя абмены партнёрамі,

-         устаноўленая паслядоўнасць і колькасць фігур,

-         сюітнасць музычнай пабудовы.

У Беларусі сустракаецца мноства разнавіднасцей кадрылей: “лінейныя”, “касыя”, “крыжападобныя”, “кругавыя”, “у паўкола”, “тоўстыя”, “тонкія”, кампазіцыя якіх нярэдка ўключае польку ў экспазіцыі, які-небудзь народны танец у кульмінацыі і “Лявоніху” ў фінале.

  1. Полькі. Гэты старадаўні чэшскі народны танец, блізкі па духу беларускаму харэаграфічнаму фальклору, стаў адным з самых распаўсюджаных і любімых танцаў вёскі, набыў мноства рэгіянальных варыянтаў, аказаў вялікі ўплыў на ўсю нацыянальную харэаграфію.

Беларускія полькі надзвычай багатыя па сваіх музычных і харэаграфічных малюнках. Пры нязменным рытмічным пульсе яны вызначаюцца вялікай ладавай і інтанацыйнай разнастайнасцю і валодаюць здольнасцю перадаваць цэлую гаму мажорных настрояў. Полькі аб’ядноўвае абавязковы ланцужок полечных вярчэнняў або іх рознымі мадыфікацыямі, якія камбінуюцца з іншымі элементамі нацыянальнай лексікі: прытопы, драбушкі, калупалачкі, прысяданні, бег з адкідваннем назад сагнутых у каленях ног, скокі, розныя пад’ёмы партнёршы і г.д..

  1. Гарадскія і бытавыя танцы, а таксама танцы, створаныя на музычнай аснове папулярных песень (“Падэспань”, “Вянгерка”, “Карапет”, “Субота”, “На рэчаньку”, “Сямёнаўна” і г.д.). Іх прыход у беларускую вёску быў адзначаны ў канцы 19 ст., калі з горада пачалі распаўсюджвацца “модныя” аранжыроўкі народных танцаў, зробленыя прафесійнымі харэографамі. Танцы складаюцца з дастаткова абмежаванай колькасці стандартных рухаў, да якіх дадаецца якая-небудзь адна характэрная дэталь.
  2. Імправізацыйныя танцы. У гэтых танцах адсутнічае ўстаноўлены парадак фігур, абавязковая іх паўтараемасць, строга вызначаная ўзаемасувязь паміж партнёрамі. Кожны ўдзельнік танцуе тут “сам па сабе”, свабодна імправізуючы, выказваючы ў разнастайных рухах свае пачуцці і настрой.