3. "А хто там iдзе..."

А ХТО ТАМ ІДЗЕ, А ХТО ТАМ ІДЗЕ

У агромністай такой грамадзе?

 – Беларусы!

Такімі словамі пачынаецца ці не самы вядомы верш песняра, які лічыцца неафіцыйным гімнам беларусаў пачатку 20-га стагоддзя і які перакладзены больш як на 120 моў народаў свету. Раздзел змяшчае зборнік перакладаў гэтага верша на 85 моў.

Раздзел распавядае пра пачатак творчасці Янкі Купалы. Тут мы бачым копію першага выдання верша “Мужык”, надрукаванага ў 1905 годзе ў газеце “Северо-Западный край”.

 

Што я мужык, усе тут знаюць,

І, як ёсць гэты свет вялік,

З мяне смяюцца, пагарджаюць,—

Бо я мужык, дурны мужык.

 

Чытаць, пісаць я не умею,

Не ходзіць гладка мой язык,

Бо толькі вечна ару, сею,—

Бо я мужык, дурны мужык.

 

Бо з працы хлеб свой здабываю,

Бо зношу лаянку і крык,

І свята рэдка калі знаю,—

Бо я мужык, дурны мужык.

 

Галеюць дзеці век без хлеба,

Падзёрты жончын чаравік,

Не маю грошы на патрэбу,—

Бо я мужык, дурны мужык.

 

Што голы я, павінен згінуць,

Як той у лесе чашчавік,

І, як сабака, свет пакінуць,—

Бо я мужык, дурны мужык.

 

Але хоць колькі жыць тут буду,

Як будзе век тут мой вялік,

Ніколі, браткі, не забуду,

Што чалавек я, хоць мужык.

 

 І кожны, хто мяне спытае,

Пачуе толькі адзін крык:

Што хоць мной кожны пагарджае,

Я буду жыць! — бо я мужык!

 

Як вы ўпэўніліся, у гэтых радках адлюстраваны бядотны стан простага люду, сацыяльны прыгнёт, прыніжанасць. Імі паэт засведчыў усю глыбіню несправядлівасці і крыўды. Выказаўшы моц свайго душэўнага болю, лірычны герой на гэтым не спыняецца: напрыканцы твора лірычны герой ужо не той прыніжаны і ўсімі пагарджаны, цёмны і забіты, а поўны веры ў  сябе і свой народ, з усведамленнем уласнай сілы Чалавек.

Стаўшы праграмным творам, знакавым для таго часу, верш «Мужык» трапіў у лік тых, што найчасцей перастваралі на іншыя мовы свету. Да таго ж кампазітар Кім Цесакоў стварыў араторыю «Мы — беларусы», у якой у 1968 годзе прагучаў верш «Мужык», пакладзены на музыку.

Акрамя таго, знаходзіцца тут і факсімільнае выданне першага зборніка паэта – “Жалейка”, выдадзенага ў пачатку 1908 года ў Санкт-Пецярбургу выдавецкай суполкай «Загляне сонца і ў наша аконца» тыражом 4300 асобнікаў, дзе апублікаваны 95 лірычных вершаў і паэма «Адплата кахання». Зборнік двойчы канфіскоўвалі царскія ўлады, бо ён быў прызнаны антыдзяржаўным. Згодна з пастановай паліцыі, аўтара неабходна было арыштаваць, аднак хутка пастанова была адменена.

Разам з тым, публікацыя «Жалейкі» адыграла надзвычайную ролю ў станаўленні беларускай літаратуры і творчага крэда яе аўтара. Адзін з літаратурных крытыкаў адзначыў, што «Жалейка» выражала нацыянальны ўздым тагачаснага грамадства.

Грай, мая жалейка,

Пей, як салавейка!

Апявай нядолю,

Апявай няволю,

І грымні свабодна,

Што жыве край родны.

Менавіта такім эпіграфам адкрываецца зборнік, вызначаючы яго агульную тэматыку.

Рэдактарам зборніка быў выдатны дзеяч беларускай культуры, педагог, выдавец, адзін з лідараў беларускага руху ў Санкт-Пецярбургу Браніслаў Эпімах-Шыпіла. Цікавы факт — псеўданім аўтара зборніка Янук Купала ён памылкова напісаў як Янка Купала. І з таго часу псеўданімам менавіта ў такой форме пачаў карыстацца Іван Луцэвіч.

Побач заўважаем сапраўдную жалейку, якая стала сімвалам Купалавай творчасці. Жалейка, пішчык, чаротка — беларускі народны духавы язычковы інструмент. Вядомы таксама ў рускай музычнай культуры. У іншых народаў свету падобны музычны інструмент не выкарыстоўваецца.

Паходжанне слова "жалейка" звязваюць са словам “жаль”, “жалець”. Верагодна, на пачатку свайго існавання жалейка выкарыстоўвалася пры выкананні памінальнага абраду, які ўключае ў сябе гранне на жалейцы. Менавіта таму жалейку можна лічыць беларускім рытуальным інструментам.