8. Ушанаванне памяці народнага паэта Беларусі Янкі Купалы

АПОШНІ РАЗДЗЕЛ ЭКСПАЗІЦЫІ распавядае пра ўшанаванне памяці народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Тут змешчаны календары, значкі, маркі, юбілейныя медалі, фотаздымкі помнікаў у розных гарадах і многія іншыя рэчы. Новым экспанатам дадзенага раздзела з’яўляецца рэдкі калекцыйны партсігар з выявай і факсіміле песняра 1962 года. Цэнтральнае ж месца займае афіцыйны дакумент – Пастанова Савета Міністраў СССР ад 12 ліпеня 1982 года аб наданні Сеніцкай сярэдняй школе імя народнага паэта Беларусі Янкі Купалы.

Я не паэта, о крый мяне Божа!

Не рвуся я к славе гэткай німала,

Хоць песеньку-думку і высную можа,

Завуся я толькі — Янка Купала.

 

 Славу паэтаў разносяць па свеце,

Вянкі ўскладаюць і звоняць пахвалай,

Я ж ціха йграю, хто ж ціхіх прымеце?

Ат! ведама, з вёскі — Янка Купала!

 

Кожны край мае тых, што апяваюць,

Чым ёсць для народа ўпадак і хвала,

А беларусы нікога ж не маюць,

Няхай жа хоць будзе Янка Купала.

 

Песні пачаў пець той мовай убогай,

Якой пагарджаюць горка, нядбала,

Пэўна і песняў счураюцца многа,

От, ведама, здумаў Янка Купала.

 

Шчасце так рэдка над светам усходзе;

Усё ж досыць бывае меці хоць мала,—

Долю каб бачыў у родным народзе,

А быў бы шчаслівы Янка Купала.