1. "На Купалле"

Кожны чалавек пачынаецца з сям’і, гэта проста нечы сынок ці дачушка. Першы раздзел экспазіцыі, які носіць назву “На Купалле”, распавядае пра дзяцінства паэта. Тут мы бачым простага хлопчыка Яську Луцэвіча і яго бацькоў – Дамініка Ануфрыевіча і Бянігду Іванаўну, збяднелых беззямельных шляхціцаў. Па паходжанні – дваране, а жылі па-сялянску. Не мелі ні хаты сваёй, ні зямлі, лічыліся арандатарамі. Нарадзіўся паэт вось у гэтай простай чужой хаце арандатара ў вёсцы Вязынка (зараз Маладзечанскі раён Мінскай вобласці).

У хатцы маленькай радзіўся паэт,

Дзе чадна дыміла лучына.

Раз першы адгэтуль ён глянуў на свет

Праз вокны вось гэтай хаціны.. – напісала Канстанцыя Буйло ў вершы «У Вязынцы».

А навошта тут гэтыя прыгожыя рэчы: птушачкі, вяночак, сонейка? Як вы думаеце? А таму што нарадзіўся будучы паэт ў ноч з шостага на сёмага ліпеня 1882 года, калі беларусы святкуюць Купалле. Таму і назвалі свайго першынца бацькі Іванам, Яськам, які потым абярэ сабе літаратурны псеўданім – Купала.