6. "Дзеці - кветкі жыцця"

Янка Купала не дзіцячы аўтар, гэта трыбун нацыі, глыбокі нацыянальны паэт, барацьбіт  за лепшую будучыню “старонкі роднай”. Але і ў яго творчасці знаходзіцца месца дзецям. Раздзел “Дзеці-кветкі жыцця” – сведчанне гэтаму.

Тут змешчаны копіі дзіцячых выданняў, на старонках якіх з’яўляліся творы Янкі Купалы для дзяцей, зборнікі дзіцячых вершаў, фотаздымкі песняра і яго жонкі Уладзіславы Статкевіч сярод выхаванцаў дзіцячых дамоў, ёсць фотаздымак, на якім ужо вядомы паэт Купала са сваёй маці. 

Мой мілы таварыш, мой лётчык,

Вазьмі ты з сабою мяне!

Я – ведай – вялікі ўжо хлопчык.

I ўмею ўжо лётаць у сне.

Простыя і лёгкія радкі Янкі Купалы натхнялі тысячы савецкіх дзяцей прымерыць шлем авіятара...

Напісаны быў гэты верш у 1935 годзе. У тым жа годзе быў апублікаваны ў ліпеньскім нумары часопіса «Іскры Iльiча».

Адкуль жа ў Купалы з'явіўся гэты вобраз?

Ёсць некалькі версій. Купала любіў адпачываць у вёсцы Ляўкі. Улетку 1935-га Іван Дамінікавіч ішоў з прыяцелем па вясковай вуліцы, а насустрач бег хлопчык. Ён круціў рукамі, гудзеў, быццам паказваючы самалёт. Янка Купала спытаў у малога, кім той хоча быць.

- Лётчыкам! - прагучаў натхняльны адказ.

Хто ж быў гэты хлопчык? Ёсць меркаванне, што гэта Косцік, пляменнік лётчыка Кірыла Баразнова, родам з Ляўкоў.

Ёсць і іншая версія. Калі Янка Купала адпачываў на Дняпры, то пасябраваў з маладым бухгалтарам Сцяпанам Вялічкам. Вялічка вадзіў госця па прыдняпроўскім лесе, сям'я Луцэвічаў закуплялася ў сям'і бухгалтара малаком і гароднінай. Дык вось, старэйшы сын Сцяпана Вялічкі Валодзя і быў тым самым хлопчыкам-лётчыкам. Купала, які не меў сваіх дзяцей, ахвотна катаў малога на шыкоўным «Шэўрале», які яму вылучылі разам з дачай, распавядаў казкі, частаваў прасмакамі.

«Хлопчык і лётчык» гучаў на ўвесь свет.

Гэты дзіцячы твор быў перакладзены на шмат моў. Верш некалькі разоў пакладзены на музыку беларускімі кампазітарамі І. Любанам, Я. Цікоцкім і іншымі. А ў 1936 годзе на Усесаюзным конкурсе дзіцячай песні ён быў адзначаны першай прэміяй.

Вершы Івана Луцэвіча натхнілі Юрыя Гагарына. Маці першага касманаўта ўзгадвала, што, прачытаўшы “Хлопчык і лётчык”, маленькі Юра адразу пажадаў стаць падобным да героя твора. І, як вы ведеце, гэта дзіцячая мара споўнілася. У музеі змешчана копія аўтографа маці першага касманаўта Юрыя Гагарына на старонцы верша Янкі Купалы “Хлопчык і лётчык”.

Пазней Пётр Клімук і Уладзімір Кавалёнак, першыя беларускія касманаўты, у Вязынцы гаварылі аб тым, што купалаўскія радкі не раз успаміналіся ім у небе.

Цікава, што ў час Вялікай Айчыннай вайны ў 1942 годзе Янка Купала напісаў своеасаблівы працяг «Хлопчык і лётчык на вайне».

Мой мілы таварыш, мой лётчык,

Вазьмі мяне ўрэшце з сабой,

Цяпер не малы я ўжо хлопчык —

Сам-раз ляцець разам у бой.

«Хлопчыка i лётчыка на вайне» Купала пісаў у эвакуацыі пад Казанню. Калі верш 1935 года – гэта гімн мары маленькага хлопчыка падняцца ў неба і ўбачыць свет, то яго "двайнік" - заклік помсціць ворагу.

Мы гітлерцаў будзем ніштожыць,

Гаціць імі тонкую гаць,

З кутоў нашых родных прыгожых

Грабежніцкі зброд выганяць.

поделиться в: