4. Газета "Наша Нiва"

У тым жа 1908 годзе Купала па запрашэнні прагрэсіўнай газеты “Наша Ніва” пераязджае ў Вільню – тагачасны культурны цэнтр беларускіх зямель. Купала працуе ў прыватнай бібліятэцы. Раздзел ілюструе творчыя здабыткі паэта 1908-1915 гг, а таксама час вучобы ў Пецярбургу.

Адным з самых каштоўных экспанатаў нашага музея з’яўляецца арыгінал нумара газеты “Наша Ніва” 1906 года. Акрамя таго, тут змешчаны копіі нумароў газеты “Наша Ніва”, якія датуюцца 1915 годам, тым годам, калі Янка Купала з’яўляўся рэдактарам гэтага выдання.

Гэта штотыднёвая грамадска-палітычная, навукова-асветніцкая і літаратурна-мастацкая газета нацыяльна-адраджэнскага кірунку. Выдавалася ў Вільні, па-беларуску, у перыяд з 1906 — 1915. Друкавалася кірыліцай, да 1912 таксама і лацінкай. У нашым музеі змешчаны другі нумар, ён надрукаваны лацінкай. Звычайны тыраж складаў 4,5 тыс. асобнікаў.

У праграмным артыкуле першага нумара падкрэслена агульнанацыянальная пазіцыя газеты: “«Наша ніва» — газета не рэдакцыі, але ўсіх беларусаў і ўсіх тых, хто ім спагадае…”. “Наша Ніва” стала цэнтрам беларускай культуры і навукі пачатку ХХ ст. Гэта дазволіла навукоўцам назваць гэты перыяд у беларускай культуры “нашаніўскім”.

На жаль, выхад газеты быў спынены ў сувязі з набліжэннем расійска-нямецкага фронту да Вільні ў час Першай сусветнай вайны. 7 жніўня 1915 года Купала, апошні рэдактар газеты, закрывае рэдакцыю і з’язджае да маці ў Акопы.

Асобна варта звярнуць увагу на факсімільнае выданне другога зборніка паэта – “Гусляр”, выдадзенага ў 1910 годзе ў Пецярбургу. Цікава, што дадзены зборнік надрукаваны на лацінцы. У зборніку пашыраюцца матывы агульначалавечага гучання, упершыню ў творчасці Янкі Купалы з'яўляюцца рэфлексійныя, чыста пейзажныя, па-філасофску заглыбленыя вершы. Цікавы факт: словы «дух», «душа» сустракаюцца ледзь не ў кожным вершы зборніку.

Асаблівую ролю ў зборніку адыгрывае вобраз легендарнага гусляра з гуслямі-самаграямі. Гэты вобраз кампазіцыйна аб'ядноўвае ўсе вершы зборніку ў адно цэлае.

Запачаткаваны ў зборніку вобраз гусляра, набудзе найбольш яскравага гучання ў паэме Янкі Купалы “Курган”, якая будзе выдадзена ў 1912 годзе.

Вобраз сівага гусляра, які не скарыўся перад князем-тыранам, становіцца вельмі папулярным. Вобраз гусляра і паэма «Курган» — шэдэўр не толькі Я.Купалы, але і ўсёй новай беларускай літаратуры. Паэма перакладалася на шматлікія замежныя мовы. Да паэмы звярталіся майстры сучаснага выяўленчага мастацтва Беларусі (творы Міхаіла Басалыгі, Міхаіла Савіцкага, Пятра Сергіевіча, Васіля Шаранговіча і многіх іншых).

Да паэмы Янкі Купалы «Курган» не раз звярталіся кампазітары. Ёй прысвечаныя музычныя творы Яўгена Глебава, Ігара Лучанка, Аляксея Туранкова і інш. 28 мая 1969 года ў Беларускім дзяржаўным тэатры оперы і балета адбылася прэм’ера балета ў 3-х дзеяннях «Выбранніца». Лібрэта напісаў Анатоль Вярцінскі і Атар Дадзішкіліані па матывах паэм Янкі Купалы «Магіла льва», «Сон на кургане», «Драматычная паэма», «Курган». Сцэна з балета была адлюстравана на рэверсе 100-рублёвай купюры 2000 года выпуску. У 1960 годзе І. Лучанок напісаў кантату «Курган» для хору салістаў і сімфанічнага аркестра, на музыку якой Ансамбль «Песняры» ў 79-м прадставіў рок-оперу, якая ўвайшла ў дваццатку лепшых твораў свету, створаных у стылістыцы прагрэсіў-року. У нашым музеі захоўваецца арыгінальная вінілавая пласцінка 1980 года і ёсць магчымасць пачуць гэтую рок-оперу. У 2011 да 100-годдзя напісання паэмы і 70-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна быў прадстаўлены мюзікл «Курган» на музыку І.Лучанка ў аранжыроўцы У.Мулявіна.

Найбольш каштоўным і важным экспанатам нашага музея з’яўляецца арыгінальнае выданне 1910 года першай драматычнай паэмы Купалы “Адвечная песня”. Сюжэт гэтай паэмы просты: селянін-мужык пражывае жыццё ў нястачы, голадзе і холадзе і памірае, а вярнуўшыся праз пэўны час на зямлю ў выглядзе ценю, абураецца тым, што і праз столькі часу нічога не змянілася сярод людзей, і добраахвотна сыходзіць у магілу. Змест паэмы паглыблена-філасофскі.

У 1976 годзе Уладзімір Мулявін стварыў паводле паэмы оперу-прытчу «Песня пра долю», якую потым экспрэсіўна і каларытна выканаў ансамбль «Песняры». Па матывах паэмы рэжысёр Сяргей Кавальчык паставіў у 2002 годзе спектакль у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, а рэжысёр Аляксей Ляляўскі паставіў у 2004 годзе ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек лялечны спектакль. Паэму ілюстравалі Васіль Александровіч, Анатоль Волкаў, Канстанцін Елісееў, Арлен Кашкурэвіч, Васіль Шаранговіч.

поделиться в: