Літаратурны музей Янкі Купалы

ЛІТАРАТУРНЫ МУЗЕЙ ЯНКІ КУПАЛЫ

Сеніца заўсёды прыцягвала і, напэўна, будзе прыцягваць вядомых і знакавых асоб: сеніцкія землі ў розны час належалі нашчадкам Усяслава Чарадзея і роду Фёдара Дастаеўскага - так-так, сваяка таго самага вялікага рускага пісьменніка з беларускімі каранямі. Але часцей згадваюць Сеніцу як месца, дзе робіць свае першыя крокі ў навуку вялікі паэт беларусаў Янка Купала, памяць якога тут ўшаноўваецца: імя паэта носіць сярэдняя школа і вуліца гэтага паселішча, створаны нядрэнны літаратурны музей паэта.

12 ліпеня 1982 года з нагоды стагадовага юбілею народнага паэта Беларусі Янкі Купалы Пастановай Савета Міністраў БССР№234. Сеніцкай сярэдняй школе было прысвоена імя Янкі Купалы, адначасова ў школе быў адкрыты літаратурны музей, прысвечаны вывучэнню жыцця і творчасцікласіка беларускай літаратуры. На ўрачыстых мерапрыемствах, наладжаных дагэтайзначнай падзеі ў гісторыі навучальнай установы, прысутнічалі блізкія Янку Купалу асобы - пляменніца паэта Ядвіга Раманоўская, былы вучаньСеніцкага народнага двухкласнага вучылішча, савецкі паэт і грамадскі дзеяч, а пасля добры сябар музея Станіслаў Пятровіч Шушкевіч. Прысутнічаў і народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў, які, дарэчы, перарэзаў чырвоную стужку падчас адкрыцця музея і, як сведчаць запісы ў кнізе водзываў і ўспаміны настаўнікаў-ветэранаў нашай школы, наведваўся ў музей Купалы і пасля.

Але вялікай падзеі папярэднічала такая ж вялікая пошукавая праца вучняў і настаўнікаў Сеніцкай сярэдняй школы. Ініцыятыву сенічан называць сябе купалаўцамі падтрымаў Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, Ядвіга Раманоўская,прыйшоў на дапамогу і Станіслаў Пятровіч Шушкевіч.

Падставай паслужыў той факт, што ў 1889 годзесям’я Дамініка Луцэвіча – бацькі Янкі Купалы- арандавала зямлюў вёсцы Сеніца ў мясцовага пана Турчынскага, а яго старэйшы сын Ясь Луцэвіч адну зіму(тры месяцы) навучаўся ў Сеніцкім народным двухкласным вучылішчы. Першай настаўніцай будучага паэта Янкі Купалы(і Станіслава Шушкевіча таксама) была Алімпіяда Васільеўна Сонцава.

У 1989 годзе здадзены ў эксплуатацыю сучасны будынак установы, музейная экспазіцыя была адноўлена і адкрыта для наведвальнікаў у 1997 годзе: загад №31 ад 25.04.1997 года. У стварэнні і афармленні дадзенай экспазіцыі школьнага музеяпрымалі непасрэдны ўдзел прафесіяналы музейнай справы - супрацоўнікі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, якія засталіся лепшымі сябрамі і паплечнікамі нашага школьнага музея.

Музей Янкі Купалы ДУА “Сеніцкая сярэдняя школа імя Я. Купалы” мае статус літаратурнага і прысвечаны вывучэнню жыцця і творчасці паэта. Прастора яго дзейнасці распаўсюджваецца на літаратурны працэс увогуле, ахоплівае лепшыя ўзоры беларускага пісьменства, што дае магчымасць асэнсаваць значнасць асобы Янкі Купалы ў беларускай і нават сусветнай літаратуры.

Экспазіцыя музея складаецца з 11 тэматычных раздзелаў: 10 раздзелаў з 11 асвятляюць найбольш значныя этапы жыцця і творчасці Янкі Купалы, які свае першыя крокі ў навуку робіць у Сеніцы, 11-ты раздзел прысвечаныяшчэ аднаму былому вучню Сеніцкай школы Станіславу Шушкевічу-паэту і грамадскаму дзеячу 20 стагоддзя. Трэба адзначыць, што вучыліся яны ў адной і той жа настаўніцы Алімпіяды Васільеўны Сонцавай, толькі з розніцай у 30 год.

Першы раздзел экспазіцыі музея мае назву

“На Купалле” і трансліруе інфармацыю пра сям’ю, час і месца нараджэння будучага генія беларускай літаратуры, расказвае пра гады яго дзяцінства. У цэнтры ўвагі раздзела-фотаздымкі бацькоў і самога Яські Луцэвіча ў васьмігадовым узросце, выява дома арандатара ўвёсцы Вязынка, дзе суджана было нарадзіцца паэту. Аздоблены раздзел вырабленымі з саломы сімваламі Купалля - гэта сонейка, вяночак, птушкі. Тут жа знаходзяцца і прадметы хатняга ўжытку і прылады працы селяніна канца 19-пачатку 20 стагоддзя (часу дзяцінства Янкі Купалы), якія дазваляюць наведвальнікам больш дакладна ўявіць атмасферу часу,умовы жыцця паэта ў дзіцячыя гады.

Наступны раздзел“Мая навука”- самы значны раздзел экспазіцыі музея, які грунтуецца на мясцовым матэрыяле і асвятляе час навучання Яся Луцэвіча ў Сеніцкім народным двухкласным вучылішчы. Цэнтральныя вобразы раздзела – Сеніцкае народнае двухкласнае вучылішча (першая школа Янкі Купалы),выдатная настаўніца Алімпіяда Васільеўна Сонцава (першая і любімая настаўніца паэта) і асоба самога вучня, Яся Луцэвіча. Раздзел змяшчае рэдкія фотаздымкі Алімпіяды Васільеўны Сонцавай розных часоў, макет быдынка школы і школьнай парты-лавы часу Янкі Купалы, копіі карцін мастака Янкі Раманоўскага з сюжэтамі аб школьным жыцці паэта.

Раздзел “А хто там ідзе?” сугучны з назвай самага вядомага верша Янкі Купалы, перакладзенага на 82 мовы народаў свету, прысвечаны пачатку творчасці песняра. У цэнтры ўвагі-першынадрукаваны верш, першы зборнік, самы вядомы твор. Раздзел мае копію нумара газеты “Северо-Западный край”, дзе быў упершыню надрукаваны верш Янкі Купалы на беларускай мове “Мужык”, факсімільнае выданне першага зборніка “Жалейка”, копію рукапісу верша “А хто там ідзе?”…

Нашаніўскі перыяд творчасці Янкі Купалы – час росквіту творчага генія песняра- прадстаўлены ў раздзеле “Наша Ніва”, ілюструе творчыя здабыткі паэта 1908-1915гг, а таксама час вучобы ў Пецярбургу. Тут змешчаны копіі нумароў легендарнай газеты “Наша Ніва”, якія датуюцца 1915 годам, тым годам, калі Янка Купала з’яўляўся рэдактарам гэтага выдання.

У кожнага паэта, як вядома, ёсць куточак роднага краю, які абуджае натхненне, дае імпульс да творчасці. Для беларускага прарока такім куточкам былі Акопы - невялікі фальварак на Лагойшчыне. Раздзел экспазцыі “Акопы-калыска творчасці” і прызначаны для таго, каб паказаць значнасць гэтага невялічкага геаграфічнага пункта на карце купалаўскага лёсу. Цэнтральнае месца раздзела займае выява сядзібы ў Акопах.

Раздзел, аформлены пад занавесам, падобным на тэатральны, мае назву “Жыццё-тэатр” і прысвячаецца драматургіі Янкі Купалы і ролі драматурга ў станаўленні беларускага прафесійнага тэатра. Фотаздымкі паказваюць будынак Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы пачатку 20-х гадоў, часу станаўлення, часу Купалы.

Панарамны раздзел “Спадчына” быццам ілюстрацыя да вядомага верша класіка, а скульптура Янкі Купалы, выкананая вядомым скульптарам Аляксеем Глебавым, быццам адлюстраванне лірычнага героя: на фоне сціплага і такога дарагога сэрцу беларуса краявіду –скульптура адданага сына зямлі, які “ўсцяж робіць агледзіны”.

 

“Усё для Бацькаўшчыны мілай” – раздзел паэтычнай велічы паэта Янкі Купалы і грамадзяніна Івана Луцэвіча. Гэты раздзел – своеасаблівая бібліятэка, дзе сабраны зборнікі твораў і публіцыстычныя артыкулы Купалы. Самы каштоўны зборнік – першае выданне пасля смерці паэта, якое датуецца 1946 годам.Але самае цэнтральнае месца адведзена Пастанове аб прысваенні Янку Купалу ў 1925 годзе ўпершыню ў гісторыі нашай краіны звання народнага паэта Беларусі. Менавіта з Янкі Купалы пачынаецца адлік народных паэтаў у беларускай літаратуры. Тут жа змяшчаюцца кнігі з даравальнымі подпісамі Ядвігі Раманоўскай, Уладзіславы Статкевіч(Луцэвіч), Міхася Міцкевіча(сына Якуба Коласа).

Янка Купала не дзіцячы аўтар, гэта трыбун нацыі, глыбокі нацыянальны паэт, змагар за лепшую будучыню “старонкі роднай”. Але і ў яго творчасці знаходзіцца месцадзецям. Раздзел “Дзеці-кветкі жыцця” – сведчанне гэтаму.

Тут змешчаны копіі дзіцячых выданняў, на старонках якіх змяшчаліся творы Янкі Купалы для дзяцей, зборнікі дзіцячых вершаў, фотаздымкі песняра і яго жонкі Уладзіславы Статкевіч сярод выхаванцаўдзіцячых дамоў. Адным з самых цікавых экспанатаў раздзела можна лічыць копію старонкі кнігі здароўным подпісам маці першага савецкага касманаўта Юрыя Гагарына Ганны Цімафееўны Гагарынай. Як сведчыць подпіс, Юрый Гагарын вельмі любіў верш Купалы “Хлопчык і лётчык”.

Раздзел “Трагедыя народа – трагедыя паэта” адлюстроўвае трагічны час жыцця і смерці Янкі Купалы ў чэрвені ваеннага 1942-га года. Родная зямля задыхаецца ў пажарышчы вайны, а яе адданы сын пры нявызначыных абставінах гіне ў Маскве напярэдадні свайго гадовага юбілею. У раздзеле змешчаны творы ваеннага часу, якія перадаюць боль і горыч паэта.

Апошні, адзінаццаты,раздзел экспазіцыі мае назву “Станіслаў Шушкевіч” і прысвячаецца яшчэ аднаму вядомаму ў беларускай літаратуры чалавеку і былому вучню Сеніцкага народнага двухкласнага вучылішча, вучню А. В.Сонцавай. Тут змяшчаюцца асабістыя рэчы Станіслава Пятровіча (акуляры, ручка, лупа), зборнікі яго твораў з даравальнымі подпісамі, перапіска з вучнямі і настаўнікамі Сеніцкай сярэдняй школы, фотаздымкі з сямейнага архіву.

Школьны музей Янкі Купалы з’яўляецца сістэматызаванай калекцыяй помнікаў літаратуры і традыцыйнай культуры. Асноўны фонд музея складаюць копіі фотаздымкаў, рукапісаў, аўтографаў вершаў, дакументаў, перыядычных выданняў, макеты зборнікаў твораў, а таксама арыгінальныя і факсімільны зборнікі, кнігі, дакументы, часопісы, лісты і паштоўкі С.Шушкевіча, даследчыя работы вучняў-усяго 148 экспанатаў; дадатковы фонд налічвае 49 музейных прадметаў, у складзе якіх – вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з саломы і паперы, скульптуры, прадметысялянскага побыту пачатку 20 стагоддзя, макеты будынкаў, асабістыя рэчы С.Шушкевіча.

Музейныя экспанаты размешчаны на адкрытых вертыкальных вітрынах, якія аформлены ў стылі пачатку 20-га стагоддзя, дэкарыраваны тканінай, у тым ліку і даматканай, дрэвам. Кожны раздзел аформлены пад асобнай драўлянай аркай, некаторыя раздзелы маюць і невялікія гарызантальныя вітрыны для прадметаў дадатковага фонду. Самыя каштоўныя экспанаты змешчаны ў рамках са шклом. Самыя каштоўныя экспанаты музейнай экспазіцыі:

  • Пастанова Савета Міністраў БССР аб прысваенні Сеніцкай сярэдняй школе імя Янкі Купалы і адкрыцці ў школе музея паэта;
  • факсімільнае выданне першага зборніка Янкі Купалы “Жалейка” (1982 г.);
  • кнігі з дароўнымі подпісамі Ядвігі Юльянаўны Раманоўскай (пляменніцы Янкі Купалы), Уладзіславы Францаўны Луцэвіч(жонкі Янкі Купалы і заснавальніка дзяржаўнага музея), Станіслава Пятровіча Шушкевіча, кніга з асабістай бібліятэкі Міхася Канстанцінавіча Міцкевіча (сына Якуба Коласа);

 

 

 

  • зборнік вершаў Янкі Купалы 1946 года – першы зборнік, выдадзены пасля смерці паэта Дзяржаўным Выдавецтвам БССР пад рэдакцыяй Петруся Броўкі;
  • скульптурны партрэт Янкі Купалы работы Аляксея Глебава (узяты на часовае карыстаннеў у дзяржаўным музеі),
  • асобным экспанатам з’яўляецца кніга водзываў, якая захоўвае запісы, пакінутыя Міхасём Міцкевічам, Сяргеем Грахоўскім, Рыгорам Барадуліным і іншымі вядомымі асобамі Беларусі і замежнымі дэлегацыямі;
  • асабістыя рэчы С.П. Шушкевіча, падараваныя музею ім асабіста, перапіска паэта з вучнямі і настаўнікамі Сеніцкай сярэдняй школы.

Можна вылучыць і самыя папулярныя экспанаты музея,тыя экспанаты, якія выклікаюць найбольшую цікавасць наведвальнікаў школьнага ўзросту: прадметы народнага побыту беларусаў, макет будынка Сеніцкага народнага двухкласнага вучылішча, копія старонкі кнігі Янкі Купалы з вершам “Хлопчык і лётчык” з даравальным подпісам маці першага савецкага касманаўта Юрыя Гагарына.

 

поделиться в: